Скачать

Літаратура першай паловы XVI ст.


Літаратура першай паловы XVI ст.



1. Агульная характарыстыка эпохі і літаратуры першай паловы XVI ст.

Новы этап у развіцці беларускай літаратуры пачаўся ў XVI ст. Ён быў выкліканы важнымі сацыяльна-палітычнымі і культурна-гістарычнымі зменамі ў жыцці Беларусі таго часу. Да XVI ст. былі ліквідаваны рэшткі феадальнай раздробленасці, узмацнілася цэнтралізацыя краіны, што садзейнічала далейшаму грамадскаму прагрэсу. Пасля разбуральных нападаў крымскіх татар і вайны з Расіяй у пачатку XVI ст. наступілі гады адносна мірнага жыцця і стваральнай працы. Бурна развіваліся гарады, рамёствы і гандаль, пашырыліся і ўзмацніліся ўнутраныя і знешнія ўзаемасувязі, актывізавалася грамадска-палітычнае і культурнае жыццё. Да гэтага часу ў асноўным завяршылася таксама этнічная кансалідацыя беларускіх зямель, сфарміравалася беларуская народнасць. Беларусь уступіла ў эпоху сталага феадалізму.

У культурна-гістарычным плане гэта была эпоха Адраджэння, светапогляд якой вызначаў рэнесансавы гуманізм. Адбывалася далейшая секулярызацыя культуры, узмацняўся працэс разбурэння сярэдневяковага сінкрэтызму. Аднак складаныя сацыяльныя ўмовы другой паловы XVI ст. (Лівонская вайна, Люблінская унія 1569 г., рост грамадскай напружанасці і інш.) не далі магчымасці нармальна развіцца мноіім рэнесансавым з'явам беларускай літаратуры і мастацтва, паскорылі зараджэнне барочных тэндэнцый. Тым не менш, менавіта ў эпоху Адраджэння і ранняга барока беларускі народ дасягнуў такога высокага ўзроўню культурнага развіцця, стварыў такія выдатныя мастацкія каштоўнасці, якія вывелі Беларусь на перадавыя пазіцыі ва Усходняй Еўропе.

З эпохай гуманізму непасрэдна звязаны таксама ўздым нацыянальнай самасвядомасці народаў і адраджэнне народных моў. Да пачатку XVI ст. у асноўным завяршыўся працэс вызвапення мовы беларускага свецкага пісьменства ад архаічных, стараславянскіх элементаў (апрача арфаграфіі) і на грунце жывой гутарковай мовы сфарміравалася старабеларуская літаратурная мова, якая вылучалася вялікай функцыянальнай і жанрава-стылявой разнастайнасцю, багаццем вобразна-выяўленчых сродкаў. Яе ўзор – мова беларуска-літоўскіх летапісаў і хронік, лепшых перакладных твораў, а таксама Статута Вялікага княства Літоўскага, выдатнага помніка дзелавога пісьменства і права беларускага і літоўскага народаў, аднаго з першых у Еўропе зводу законаў.

Працэс дэмакратызацыі мовы беларускага пісьменства быў настолькі моцным, што закрануў нават царкоўна-рэлігійную літаратуру. Ужо ў другой палове XV – пачатку XVI ст. на беларускую мову былі перакладзены духоўныя аповесці «Жыццё святога Аляксея», «Страсці Хрыстовы» («Пакуты Хрыста»), шэраг біблейскіх кніг. Вялікае культурна-гістарычнае і нацыянальнае значэнне мела кнігавыдавецкая і перакладчыцкая дзейнасць Ф. Скарыны.

У XVI ст. на Беларусі назіраецца значная актывізацыя перакладчыцкай справы, выкліканая далейшым ростам духоўных запатрабаванняў розных слаёў беларускага насельніцтва, асабліва шляхты і гараджан, уздымам цікавасці да гісторыі і культуры іншых народаў. Паказальна, што калі спачатку перакладаліся найбольш творы царкоўна-рэлігійнага зместу, то ў другой палове стагоддзя перавага стала аддавацца помнікам свецкага характару, у чым нельга не бачыць уплыву новых, гуманістычных тэндэнцый часу. Менавіта ў гэты перыяд на беларускую мову былі перакладзены гістарычная аповесць пра Атылу, лацінская рэдакцыя антычнага рамана пра Аляксандра Македонскага «Александрыя», сярэдневяковыя рыцарскія раманы пра Трыстана і Ізольду, «Гісторыя разбурэння Троі» Гвіда дэ Калоны і інш. Чытальніцкі спіс тагачаснага адукаванага беларуса значна пашыраўся таксама за кошт прадукцыі віленскіх і кракаўскіх друкарняў, якія выдавалі ў другой палове XVI ст. на польскай мове нямала твораў зарубежнай літаратуры, у тым ліку старажытнагрэчаскіх і рымскіх аўтараў.

Арыгінальная беларуская літаратура першай паловы XVI ст. адвосна небагатая. Асноўную масу твораў па-ранейшаму складаў традыцыйны фонд пісьменства, царкоўна-рэлігійнага і свецкага, які сфарміраваўся яшчэ ў папярэднія стагоддзі. З усіх літаратурных жанраў найбольш актыўна развіваўся тады на беларускіх землях летапіс. Захоўваючы ў цэлым свой сярэдневяковы характар, гэты жанр зазнаў у эпоху Адраджэння адчувальныя змены. Працягвалася алітаратурванне дзелавых запісаў, белетрызацыя гістарычнага апавядання. Асноўным састаўным элементам летапісных зводаў, літаратурнай формай апісання мінулага стаў не кароткі пагадовы запіс, а сюжэтнае разгорнутае апавяданне пра падзею («Хроніка Быхаўца»). Мацнела імкненне пераадолець тэрытарыяльныя і храналагічныя межы нацыянальнай гісторыі, жаданне выйсці на прасцягі сусветнай гісторыі. Гэта часткова было дасягнута дзякуючы перакладу на беларускую мову ў другой палове XVI ст. польскіх хронік М. Бельскага і М. Стрыйкоўскага, у якіх значнае месца займае апісанне палітычнай гісторыі Русі і Вялікага княства Літоўскага на міжнародным фоне, але канчаткова рэалізавана толькі ў XVII ст. у беларуска-украінскім хранографе «Вялікая хроніка». У беларускіх хроніках XVI ст. выразна выявілася таксама тэндэнцыя рамантызаваць нацыянальную гісторыю і больш эфектыўна выкарыстоўваць яе дзеля патрыятычнага выхавання чытачоў.

Нельга ўявіць беларускую літаратуру эпохі Адраджэння без творчай спадчыны Ф. Скарыны. Ён быў не толькі заснавальнікам ва Усходняй Еўропе новага, свецкага падыходу да Бібліі і новага, гуманістычнага тыпу літаратурнага перакладу. Яму належаць першыя на ўсходнеславянскіх землях вопыты кніжнага вершаскладання і здзіўляючыя па змястоўнасці, глыбіні думкі і літаратурнай дасканаласці прадмовы да выдадзеных ім кніг, якія паклалі пачатак гуманістычнай публіцыстыцы, філалогіі і літаратурнай крытыцы на Беларусі. Шматгранная наватарская творчая дзейнасць Скарыны, накіраваная на выхаванне ўсебакова развітага, дасканалага чалавека ў духу высокіх рэнесансавых ідэалаў, адкрыла новы этап у гісторыі беларускай культуры, далучыла беларускі народ да новых працэсаў духоўнага развіцця, што адбываліся тады ў перадавых краінах свету.

Новай асаблівасцю культурнага жыцця Беларусі XVI ст. было пашырэнне ўжывання лацінскай мовы, якая на працягу многіх стагоддзяў служыла ў Еўропе мовай асветы і навукі, важным сродкам культурнай узаемасувязі народаў, асваення антычнай літаратурнай спадчыны. Яна была мовай навуковай і мастацкай творчасці: па-латыні пісалі філасофскія трактаты і дзелавыя лісты, творы гістарыяграфіі і публіцыстыкі, вершы і паэмы, выкладалі ў школах і універсітэтах. Значнае развіццё атрымала на беларускіх землях у эпоху Адраджэння новалацінская паэзія. Яе заснавальнікам стаў выдатны паэт Мікола Гусоўскі, які стварыў у 1521–1522 гг. у Рыме на беларускім матэрыяле глыбока патрыятычную і высокама-стацкую паэму «Песня пра зубра», першы буйны твор рэнесансавага рэалізму ў беларускай літаратуры.

2. Францыск Скарына

Францыск Скарына нарадзіўся каля 1490 г. у сям'і полацкага купца Лукі (Лукаша) Скарыны, які ўпершыню згадваецца ў дакументах 1492 г. пад імем Лукіян. Сямейнае прозвішча паходзіць ад старажытнага славянскага слова «скора» (скура), адсюль – скарняк, па-старабеларуску – скарыніч, што азначала прафесію рамесніка, які займаецца апрацоўкай скур. Відаць, родапачынальнікам Скарынаў быў гарбар, нашчадкі якога разбагацелі і заняліся гандлем. Скарынічам называў сябе Францішак Скарына ў сваіх акафістах-акравершах. Пад гэтым прозвішчам часам згадваецца ў дакументах і яго родны брат Іван. Дата нараджэння Ф. Скарыны дакладна невядома. Паводле розных ускосных звестак, найбольш верагодна, што ён нарадзіўся ў сярэдзіне 1480-х гадоў. У друку называлася таксама дата 18.3.1470 г.

Імя нованароджанаму раней, як правіла, выбіралі паводле царкоўнага календара, г. зн. надавалі імя таго святога, дзень памяці якога прыпадаў на дзень нараджэння дзіцяці. Продкі і бацькі Скарыны былі, несумненна, хрысціянамі праваслаўнага веравызнання, таму ён быў хрышчаны паводле праваслаўнага абраду і атрымаў адпаведнае грэка-славянскае імя, якога, на жаль, мы не ведаем. Напэўна, паводле гэтага ж прынцыпу пазней яго назвалі ў адпаведнасці з каталіцкім календаром Францыскам (Францішкам). Паўторна ён мог быць ахрышчаны манахамі-бернардзінцамі, якія ў 1498 г. заснавалі ў Полацку кляштар і касцёл у імя св. Францыска. Беларускі асветнік вельмі ганарыўся сваім паходжаннем «са слаўнага горада Полацка» і выразна вызначаў сваю этнічную прыналежнасць (русін, рус, г. зн. беларус) і нацыянальна-патрыятычную скіраванасць сваёй асветніцкай дзейнасці на карысць «браціі маёй русі».

Дзіцячыя і юнацкія гады, праведзеныя Ф. Скарынам у родным Полацку, былі спрыяльнымі для культурна-гістарычнага развіцця горада, ды і ўсіх беларускіх зямель, і аказалі дабратворны ўплыў на фарміраванне яго асобы і светапогляду. На Скарыну станоўча ўздзейнічалі агульны ўздым у канцы 15 ст. гарадскога жыцця ў Полацку, які ў 1498 г. атрымаў магдэбургскае права, жыватворны дух гераічнай полацкай гісторыі, багатыя культурныя традыцыі бацькоўскай зямлі. У родным горадзе і навакольных вёсках, сярод простага (паспалітага) люду спасцігаў ён багаты змест і глыбокі сэнс народных звычаяў і абрадаў, самабытны лад і натуральнае хараство беларускай мовы. У полацкі перыяд закладзена і яго поўнае глыбокай пашаны стаўленне да кнігі як каштоўнай крыніцы ведаў і мудрасці, маральнага ўдасканалення і духоўнага ўзвышэння чалавека. Тады фарміраваўся і ўваходзіў у сэрца юнага Францішка непаўторны вобраз роднага Полацка і Бацькаўшчыны, гарачую любоў да якіх ён пранёс праз усё жыццё. Наклалі свой выразны адбітак на яго і характар жыцця ў бацькоўскім доме, агульная атмасфера старажытнага горада на Дзвіне, дзе сыходзіліся гандлёвыя шляхі, дзе бывалі людзі розных краін і земляў, розных веравызнанняў і нацый, дзе даўнія дэмакратычныя традыцыі вечавога ладу своеасабліва пераасэнсоўваліся ў новых умовах гарадскога самакіравання. Такія выдатныя якасці асобы Скарыны, як шырыня поглядаў і дэмакратызм, верацярпімасць і адкрытасць, дзелавітасць і мабільнасць, закладваліся яшчэ ў родным горадзе. З маленства выявілася ў яго неадольная цяга да новага і нязведанага, прага да ведаў і падарожжаў, што рана паклікала цікаўнага юнака ў вялікі свет. Першымі буйнымі гарадамі, дзе давялося пабываць яму, былі, напэўна, Вільня і Рыга.

Першапачатковую адукацыю Ф. Скарына атрымаў у Полацку, які меў шматвяковыя кніжна-пісьмовыя традыцыі, славіўся багатымі бібліятэкамі і высокаадукаванымі людзьмі. Азы царкоўна-славянскай граматы Францішак асвойваў, найбольш верагодна, дома або пры адным з полацкіх праваслаўных манастыроў. У Полацку або ў Вільні будучы асветнік набыў грунтоўныя веды па лацінскай мове, без чаго нельга было марыць пра далейшае навучанне ва універсітэтах Заходняй Еўропы, дзе лаціна была тады мовай асветы, навукі, літаратуры, грамадскіх зносін. Як мяркуюць, яму ў гэтым дапамагалі полацкія бернардзінцы.

Каб атрымаць вышэйшую адукацыю, летам 1504 г. Скарына, відаць, разам з купецкім абозам накіраваўся ў Кракаў, тагачасную сталіцу Польшчы, дзе быў вядомы ў Еўропе і найбольш блізкі ад Полацка Ягелонскі універсітэт. Заплаціўшы два грошы ўступных, што сведчыла пра небагаты стан бацькоў, там ён паступіў вучыцца на факультэт мастацтваў, або свабодных навук, які даваў шырокую, энцыклапедычную падрыхтоўку. Толькі скончыўшы яго, можна было працягваць вучобу на адным са спецыяльных факультэтаў – багаслоўскім, юрыдычным ці медычным, і атрымаць адпаведную прафесію. Навучальны год тады пачынаўся ў сярэдзіне кастрычніка і складаўся з двух семестраў – зімовага і летняга, паміж якімі былі канікулы. Заняткі праводзіліся ў спецыяльных аўдыторыях і працягваліся з раніцы да вечара. Жылі студэнты ў інтэрнатах-бурсах, дзе харчаваліся і рыхтаваліся да заняткаў. За два гады напружанай працы Скарына асвоіў поўны курс так званых сямі свабодных навук, які складаўся з трывіума (граматыка, рыторыка, логіка) і квадрывіума (арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка). Ён навучыўся не толькі свабодна выкладаць свае думкі на лацінскай мове, майстэрству дыскусіраваць, але і атрымаў грунтоўныя ў гэтых навуках веды, штудзіруючы класічныя працы і творы антычных вучоных і пісьменнікаў, якія былі пакладзены ў аснову навучання, а таксама каментарыі да іх сярэдневяковых аўтараў. Так, лацінскую граматыку ён спасцігаў па падручніку рымскага вучонага 4 ст. Э. Даната, рыторыку – паводле твораў Цыцэрона, геаметрыю – па Эўкліду, астраномію – па «Касмаграфіі» Пталамея. Аднак найбольшым аўтарытэтам тады карыстаўся Арыстоцель. Амаль палову часу на факультэце свабодных навук аддавалася вывучэнню і тлумачэнню «Паэтыкі», «Рыторыкі», «Фізікі», «Этыкі», прац па логіцы славутага антычнага філосафа. Фактычна большасць прадметаў на гэтым факультэце выкладалася па Арыстоцелю, таму невыпадкова яго часам называюць яшчэ і філасофскім. Чыталі лекцыі і праводзілі семінарскія заняткі знакамітыя вучоныя, сярод якіх асабліва вылучаліся Ян з Глагова, аўтар шматлікіх прац па філасофіі, логіцы, мовазнаўству, а таксама Мацей Мяхоўскі, рэктар універсітэта ў 1505–1506 навучальным годзе, будучы аўтар славутага «Трактата пра дзве Сарматыі». Важнае значэнне для фарміравання мастацкага густу, літаратурных ведаў і гуманістычнага светапогляду беларускага асветніка мела даволі шырокае яго знаёмства ў сценах універсітэта з творчасцю выдатных паэтаў старажытнасці Гамера, Вергілія, Гарацыя, Авідзія. Восенню 1506 г. Скарына паспяхова завяршыў навучанне на факультэце свабодных навук і 14 снежня атрымаў першую навуковую ступень бакалаўра. Вучоба ў Кракаўскім універсітэце, жыццё ў сталічным еўрапейскім горадзе ў перыяд актыўнага станаўлення рэнесанснай культуры, кантакты з прадстаўнікамі розных краін і народаў шмат далі беларускаму асветніку для паглыблення ведаў, пашырэння кругагляду, фарміравання яго рознабаковай асобы. Менавіта яшчэ ў Кракаве, дзе меліся багатыя бібліятэкі, кнігарні і друкарні і дзе зусім нядаўна, у канцы 15 ст., выдаваў кірылічныя кнігі Ш. Фіёль, Скарына пазнаёміўся з друкаванай кнігай і тэхнікай кнігадрукавання і, магчыма, ужо тады ў яго запала думка пра выданне кніг і для сваіх суайчыннікаў.

Дакладна невядома, дзе і чым займаўся беларускі асветнік, атрымаўшы вышэйшую адукацыю, бо дакументальныя звесткі, звязаныя з яго асобай за 1507–1511 г., пакуль не выяўлены. Адно несумненна, што ён не губляў час дарэмна, а працягваў паглыбляць свае веды ў розных навуках шляхам самаадукацыі, слуханнем лекцый знакамітых прафесараў, а, магчыма, і сам выкладаў. Прынамсі, каб быць дапушчаным да экзаменаў на атрыманне ступені доктара навук, яму неабходна было дзесьці асвоіць поўны універсітэцкі курс у адпаведнай галіне і адбыць год практыкі. За гэтыя гады Скарына ў адным з еўрапейскіх універсітэтаў здабыў вучоную ступень магістра, а затым доктара навук «вызваленых» (свабодных). Шмат сілы беларускі асветнік аддаў таксама на грунтоўнае вывучэнне медыцыны, якой сур'ёзна захапіўся, на асваенне прац славутых лекараў мінуўшчыны Гіпакрата, Галена, Авіцэны, шматвяковага вопыту народнага лекарства.

У 1507–1511 гг. Скарына, напэўна, наведваў сваіх родных на Бацькаўшчыне, пабываў у Вільні і Полацку. Яму давялося тады думаць не толькі пра адукацыю, але і пра хлеб штодзённы, бо сям'я Скарынаў была незаможнай, і таму значнай дапамогі ад родных нельга было чакаць. Тым больш, што ў гэты час памёр яго бацька. Не выпадкова ў адным з падуанскіх дакументаў 1512 г. ён названы бедным чалавекам. Каб здабыць сабе сродкі на пражыццё і забяспечыць магчымасць вучыцца далей, у 1511 ці 1512 гг. Скарына паступіў на службу ў якасці «сакратара караля Дацыі», як ён атэстуецца ў адным з дакументаў 1512 г. Пад Дацыяй адны разумеюць Данію, на думку іншых – гэта тэрыторыя сучаснай Румыніі, якая тады складалася з Малдовы і Валахіі, але па традыцыі з глыбокай старажытнасці іменавалася Дакіяй. Хутчэй за ўсё, ён быў сакратаром ваяводы Валахіі, дзе якраз у 1508–1512 гг. пачалося славянскае кнігадрукаванне. Валахія размяшчалася непадалёку ад Італіі, куды і накіраваўся Скарына ў 1512 г. У старажытным італьянскім горадзе Падуя перад Вучонай калегіяй славутага універсітэта ён бліскуча здаў экзамен на годнасць доктара лекарскіх навук. Экзамен адбываўся ў саборы св. Урбана на працягу двух дзён, 6 і 9 лістапада. Як сведчаць дакументы, у заключны дзень «сын нябожчыка пана Лукі Скарыны з Полацка, русін, быў экзаменаваны асобным і строгім чынам па пытаннях, прапанаваных яму раніцай гэтага дня. Ён праявіў сябе настолькі слаўна і дастойна ў час гэтага свайго строгага экзамену, калі выкладаў адказы на зададзеныя яму пытанні і калі абвяргаў прапанаваныя яму доказы, што атрымаў аднадушнае ўхваленне ўсіх прысутных вучоных без выключэння, і было прызнана, што ён мае дастатковыя веды ў галіне медыцыны. Вышэйназваны яснавяльможны пан віцэ-прыёр (Тадэй Мусаці) абвясціў яго ўстаноўленым чынам доктарам медыцынскіх навук. Пасля гэтага выдатны доктар мастацтваў і медыцыны пан магістр Барталамей Барызон, прамотар, ад свайго імя і калег… уручыў яму знакі медыцынскай годнасці». Так наш суайчыннік, бліскуча прадэманстраваўшы перад аўтарытэтнымі вучонымі свае глыбокія веды, быў заслужана далучаны да кагорты выдатных мужоў еўрапейскай навукі.

Атрыманне найвышэйшай вучонай ступені дало Скарыне не толькі маральнае задавальненне. Дыплом доктара лекарскіх навук павышаў яго грамадскі прэстыж як асобы вельмі адукаванай, незвычайных ведаў і таленту і адкрываў перад уладальнікам шлях да грамадскага прызнання і матэрыяльнага дабрабыту. Аднак атрыманне і гэтага дыплома не стала канчатковай мэтай Скарыны. Ён не мог спыніцца на дасягнутым, бо добра ведаў, наколькі далёкае яшчэ развіццё асветы, навукі, культуры на Беларусі ад надзённых духоўных патрэб народа. Менавіта ў кнізе, якая тады была цяжка даступнай простаму чалавеку, беларускі асветнік слушна ўбачыў адзін з найважнейшых сродкаў культурнага прагрэсу сваіх суайчыннікаў. Напэўна ў Італіі, калысцы рэнесанснага гуманізму, краіне высокаразвітага кнігадрукавання, не толькі завяршылася фарміраванне гуманістычнага светапогляду Скарыны, але і канчаткова выспела яго вялікая асветніцкая задума – даць свайму народу друкаваную кнігу. Там ён навочна пераканаўся, як дзякуючы друкарскаму станку кніга становіцца агульнадаступнай для розных слаёў насельніцтва. Будучы ў Італіі, беларускі асветнік не мог абмінуць блізкую Падуі Венецыю, дзе працаваў выдатны кнігадрукар Альд Мануцый і дзе ў 1506 г. надрукавана Чэшская Біблія, якая стала адной з крыніц Скарынавай. Ажыццяўленне яго вялікай задумы патрабавала незвычайных намаганняў. Неабходна было здабыць немалыя сродкі, каб арандаваць памяшканне і друкарскі станок, купіць паперу і фарбы, заказаць шрыфты, знайсці кваліфікаваных майстроў кнігадрукарскай справы. Гэтыя і іншыя цяжкія праблемы, звязаныя з заснаваннем кнігадрукавання ва Усходняй Еўропе, давялося вырашаць Скарыне. Ён пабываў у розных гарадах Вялікага княства Літоўскага, Польшчы, іншых краін, наладжваў кантакты і сувязі, шукаў падтрымкі. Асабліва яму дапамаглі заможныя віленскія беларусы: радца Багдан Онкаў (Анковіч) і бурмістр Якуб Бабіч. Шмат часу і сіл аддаў асветнік, каб сабраць неабходныя пісьмовыя крыніцы, дакладна перакласці і падрыхтаваць да друку сотні старонак Бібліі, якую ён вырашыў даць простаму чалавеку для самастойнага чытання. Скарына вельмі хацеў пачаць кнігадрукаванне і выдаць сваю першую кнігу ў тагачаснай літоўска-беларускай сталіцы – горадзе Вільні, у грамадскім і культурным жыцці якой ужо адчуваліся моцныя рэнесансна-гуманістычныя павевы. Аднак адсутнасць неабходных умоў прымусіла яго адмовіцца ад першапачатковай задумы. Выбар паў на чэшскую Прагу, дзе была значная паліграфічная база, вопытныя майстры кнігадрукарскай справы, багатыя традыцыі перакладу і выдання Бібліі на роднай мове. Прага геаграфічна блізка размяшчалася ад такіх буйных цэнтраў тагачаснага еўрапейскага кнігадрукарства, як Аўгсбург і Нюрнберг. Важнае значэнне мела і агульная талерантная атмасфера ў гусіцкай Чэхіі. Тут атмасфера была больш спрыяльная, чым у каталіцкім Кракаве, для такой вальнадумнай, наватарскай акцыі – першага выдання Свяшчэннага пісання для праваслаўнай Русі ў перакладзе на яшчэ адну славянскую, некананічную мову – старабеларускую. Для свайго вялікага пачыну Скарына выбраў менавіта Біблію, выдатны помнік сусветнай культуры, найбольш аўтарытэтную і папулярную ў хрысціянскім свеце кнігу, у якой людзі імкнуліся знайсці адказы на хвалюючыя пытанні жыцця. Ф. Скарына бачыў у ёй не толькі кодэкс хрысціянскай веры і маралі, але і каштоўную крыніцу разнастайных ведаў, важны сродак духоўнага ўзбагачэння і маральнага ўдасканалення чалавека, «лекі для душы». У гэтай кнізе, сцвярджаў ён у прадмове, – «усяе народнае мудрасці пачатак і канец», «навучанне сямі свабодных навук дастатковае». Сваім агульначалавечым характарам, багаццем зместу і глыбінёю думкі, а таксама высокімі літаратурнымі вартасцямі і прывабіла Скарыну Біблія. З поўным тэкстам выдатнага помніка старажытнага пісьменства і вырашыў пазнаёміць усходнеславянскага чытача беларускі асветнік.

Першая друкаваная скарынаўская кніга – Псалтыр – выйшла ў свет 6 жніўня 1517 г. Затым на працягу 1517–1519 г. у Празе ён выдаў яшчэ 22 кнігі Бібліі: «Іоў» (датавана 10.9.1517), «Прытчы Саламона» (6.10.1517), «Ісус Сірахаў» (5.12.1517), «Эклезіяст» (2.1.1518), «Песня песняў» (9.1.1518), «Прамудрасць божая» (19.1.1518), 4 кнігі «Царстваў» (10.8.1518), «Ісус Навін» (20.12.1518), «Юдзіф» (9.2.1519), «Суддзі» (15.12.1519), пазначаныя 1519 г. кнігі «Быццё», «Руф», «Эсфір», «Плач Ераміі» і «Прарок Данііл», а таксама не датаваныя кнігі «Выхад», «Левіт», «Лічбы» і «Другі закон». Чатыры кнігі «Царстваў» выпушчаны з суцэльнай нумарацыяй аркушаў і пазначаны адной датай. Таму можна лічыць, што Скарына выдаў у Празе 23 кнігі Бібліі ў 20 выпусках. Магчыма, што некаторыя з недатаваных кніг выйшлі нават у пачатку 1520 г. Тыраж кожнай Скарынавай кнігі быў у межах 500–1000 экз. У пачатку кнігі «Быццё», якая адкрывае біблейскі звод, Скарына змясціў прадмову да ўсёй Бібліі і асобны тытульны ліст з агульным загалоўкам: «Бивлия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славнаго града Полоцька богу ко чти и людем посполитым к доброму наученню». Змест гэтай і некаторых іншых прадмоў беларускага асветніка сведчыць, што ён збіраўся надрукаваць у сваім перакладзе ўсю Біблію, але па невядомых нам прычынах не змог ажыццявіць задуму. Магчыма, асобныя яго кнігі не дайшлі да нашага часу. На жаль, не захаваліся і гістарычныя дакументы, звязаныя з першым перыядам прабывання Скарыны ў Празе (1517–1519).

Свае кнігі беларускі гуманіст адрасаваў шырокаму чытачу, «людзям простым паспалітым», і надаў ім выразна дэмакратычны і навучальна-асветніцкі характар. Ён выдаваў Біблію асобнымі выпускамі, зручным фарматам. Кожная яго кніга адкрываецца тытульным лістом з гравюрай і загалоўкам, завяршаецца кароткім пасляслоўем, у якім паведамляецца кім, для каго і дзе яна выдадзена. Кнігі Скарыны аздоблены рэалістычнымі, свецкімі, у рэнесансным стылі гравюрамі, застаўкамі і ініцыяламі, у якіх услаўляюцца прырода і чалавек. Усяго ў скарынаўскіх кнігах змешчана 52 дрэварыты, каля 1000 ініцыялаў, шмат іншых, выкананых на высокім мастацкім узроўні элементаў кніжнага аздаблення, якія надаюць яго выданням непаўторнае аблічча і хараство. Беларускі першадрукар стварыў вельмі выразны, арыгінальны і надзвычай прыгожы друкарскі шрыфт, заснаваны на лепшых традыцыях беларускага і заходнееўрапейскага каліграфічнага пісьма эпохі Адраджэння, у якім некаторыя вучоныя справядліва бачаць своеасаблівы прататып таго шрыфта, якім мы карыстаемся сёння. Больш таго, у двух кнігах («Ісус Сірахаў» і 4-й кнізе «Царствы») ён змясціў свой гравюрны партрэт, які стаў першым свецкім партрэтам вучонага-гуманіста, пісьменніка і кнігадрукара ва Усходняй Еўропе, выдатным помнікам кніжнага мастацтва. Шмат якія гравюры і застаўкі скарынаўскіх выданняў пазначаны яго асабістым знакам-сігнетам, своеасаблівым гербам – змешчанай на шчыце выявай сонца і сярпа месяца з чалавечымі тварамі, што сімвалізуе кнігу як крыніцу мудрасці, ведаў, асветы, адраджэння. Сігнет указвае таксама на аўтарскую належнасць Скарыне гэтых твораў мастацтва і саміх выданняў, у якіх яны змешчаны. Скарына быў сапраўдным наватарам кнігі. Упершыню ў гісторыі ўсходнеславянскай кнігі ён увёў тытульны ліст, тлумачальныя падзагалоўкі, пааркушавую нумарацыю, багата ілюстраваў выданні сродкамі друкарскай тэхнікі, зрабіў неабходным іх элементам прадмовы і пасляслоўі, г. зн. прыдаў кнізе сучасны выгляд. Паводле паліграфічнага майстэрства і мастацкай дасканаласці Скарынавыя кнігі – шэдэўры славянскага кнігадруку. Яны стаяць упоравень з італьянскімі і нямецкімі выданнямі таго часу, найлепшымі ў Еўропе. На працягу стагоддзяў яны былі недасягальным узорам для ўсходнеславянскіх кнігадрукароў.

Сапраўдны духоўны подзвіг здзейсніў беларускі гуманіст, пераклаўшы на родную мову асноўную частку Бібліі, што мела вялікае значэнне для развіцця асветы, літаратуры, перакладчыцкай справы на беларускіх землях. У гэтай тытанічнай працы ён выявіў глыбокае веданне біблейскай спадчыны, антычнай і сярэдневяковай гісторыі, філасофіі і літаратуры, лацінскай, царкоўнаславянскай і іншых моў, паказаў сваю выдатную энцыклапедычную падрыхтоўку і незвычайны літаратурны талент. Яго пераклады вызначаюцца творчай самастойнасцю, прастатой і дакладнасцю, высокай літаратурнай дасканаласцю, выразным гуманістычным характарам. Скарынавы пераклады Свяшчэннага пісання ўзнімалі прэстыж беларускай мовы, садзейнічалі выпрацоўцы і ўдасканаленню яе высокага кніжнага стылю. Моватворчая праца Скарыны спрыяла вельмі важнаму працэсу, які пачаўся тады на Беларусі, – беларусізацыі мовы канфесійнай літаратуры. Беларуская Біблія 1517–1519 гг. была другой у славянскім свеце (пасля чэшскай) друкаванай Бібліяй. Нездарма сваю падзвіжніцкую дзейнасць беларускі асветнік параўноўваў з духоўным подзвігам сваіх вялікіх папярэднікаў, у прыватнасці св. Ераніма, і ставіў свой пераклад у адзін рад з этапнымі ў гісторыі біблейскіх перакладаў з'явамі.

Ф. Скарына ўвайшоў у беларускую літаратуру не толькі як выдатны перакладчык, заснавальнік беларускай школы перакладу, але і як таленавіты пісьменнік, аўтар цікавых твораў розных жанраў. Яго пяру належаць першыя ва ўсходнеславянскім свеце вопыты кніжнага вершаскладання: чатырохрадковая эпіграма на тытульным лісце кнігі «Іоў», вершаваны пераказ дзесяці запаведзяў у прадмове да кнігі «Выхад» і кароткі дыдактычны вірш у кнізе «Эсфір», заснаваны на прынцыпе біблейскага паралелізму. Беларускі гуманіст – пачынальнік жанру акафіста ва ўсходнеславянскай гімнаграфіі. Творча выкарыстаўшы візантыйскія і стараславянскія літаратурныя традыцыі, ён склаў «Акафіст Іаану Прадцечы» і «Акафіст Ісусу», у якіх чытаюцца таксама першыя беларускія імянныя акравершы: «Писал доктор Скоринич Францискус» і «Делал доктор Скоринич Францискус». Каб аблегчыць простаму чытачу ўспрыняцце і засваенне складанага зместу Свяшчэннага пісання, Скарына ў выдадзеных ім кнігах змясціў свае прадмовы – арыгінальныя творы беларускай гуманістычнай публіцыстыкі эпохі Адраджэння. Толькі ў яго пражскіх выданнях надрукаваны 25 прадмоў. Лаканічныя, афарыстычныя, надзвычай змястоўныя, яны насычаны багатай інфармацыяй, разнастайнымі звесткамі па гісторыі, геаграфіі, культуры, літаратуры, філасофіі і праву народаў антычнага свету. Іх змест звязаны як са зместам біблейскіх кніг, так і з навучальна-пазнаваўчай і выхаваўчай накіраванасцю скарынаўскай асветніцкай праграмы. Яны вылучаюцца прастатой кампазіцыі, жывасцю выкладу, класічнай выразнасцю стылю, гарманічным адзінствам зместу і формы, думкі і слова. Сінкрэтычныя паводле жанравага характару, прадмовы Скарыны спалучаюць у сабе рысы навукова-папулярнага літаратуразнаўчага артыкула, гісторыка-філалагічнага каментарыя і пашыранай анатацыі да твора. Яны – яркія ўзоры індывідуальнай літаратурнай творчасці беларускага гуманіста, яго самабытнага таленту. Калі знешняе аздабленне Скарынавых кніг выяўляе толькі эстэтычны густ першадрукара, то яго пераклады і арыгінальныя творы сведчаць пра яго як пра выдатнага майстра мастацкага слова.

Прадмовы Скарыны – важная крыніца вывучэння яго светапогляду, у якім арганічна спалучаны іншаземныя і беларускія нацыянальныя, сярэдневяковыя і рэнесансныя традыцыі. Найважнейшыя яго якасці – гуманістычна-асветніцкі і дэмакратычны характар. Дзеля ўсяго народа, дзеля памнажэння асветы, навукі, культуры і «добрых звычаяў» на Бацькаўшчыне самаахвярна працаваў беларускі першадрукар. Рухаючай сілай сваёй дзейнасці ён лічыў «вялікую любасць» да роднай зямлі, патрыятызм. Чалавек шырокіх поглядаў і рознабаковых інтарэсаў, беларускі асветнік ставіў агульначалавечыя і агульнанародныя каштоўнасці вышэй канфесійных і саслоўных. Не падрываючы асновы хрысціянскай рэлігіі, Скарына імкнуўся вызваліць думку ад сляпой веры, узняць аўтарытэт розуму. Ён вылучаўся таксама высокаразвітым пачуццём самацэннасці і самагоднасці, глыбокім адчуваннем непаўторнасці сваёй асобы. Адным з галоўных яго клопатаў было выхаванне ўсебакова развітага, высокаадукаванага, духоўна дасканалага і дзейснага чалавека. «Вера без спраў мёртвая», – любіў паўтараць ён. Яго этыка грунтавалася на шматвяковым вопыце беларускага і іншых народаў, на хрысціянскай і народнай маралі. Прававыя погляды Скарыны прасякнуты гарачым клопатам аб інтарэсах і правах чалавечай асобы, аб справядлівым і дасканалым грамадстве, аб лепшай будучыні свайго народа. Ён хацеў, каб людзі і народы жылі ў згодзе, «міры і прыязні», хрысціянскай любові, каб кожны закон быў «не к пожитку единого человека, но к посполитому доброму написаный», каб у грамадстве была «ровная свобода всем», каб усе былі роўныя перад законам. У цэлым па сваіх поглядах беларускі першадрукар быў прадстаўніком ранняга рэнесанснага гуманізму, асветнікам дэмакратычнага накірунку. Гэтым тлумачыцца і агульны характар яго пражскага выдання Старога запавету, нетрадыцыйнага, неартадаксальнага. Ён імкнуўся зрабіць Свяшчэннае пісанне больш адкрытай кнігай, даступнай для ўсіх, прыстасаваць Біблію да патрэб часу і радавога чытача, больш арганічна ўключыць яе ў кантэкст нацыянальнай культуры. Нельга не адзначыць таксама, што пераклад на беларускую мову і выданне своеасаблівай «народнай» Бібліі ў гуманістычнай інтэрпрэтацыі, імкненне секулярызаваць яе, наблізіць да простага чалавека, выразная тэндэнцыя ігнараваць духавенства як абавязковага пасрэдніка паміж «святым словам» і веруючым, Богам і чалавекам, былі ў значнай ступені і рэфармацыйным актам. Таму Скарыну можна лічыць у пэўнай меры прадвеснікам Рэфармацыі на беларускіх землях.

Каля 1520 г. беларускі асветнік вярнуўся на радзіму. Ён прыехаў не толькі са сваімі кнігамі, але і з друкарскім варштатам, які набыў у Празе. Скарына спыніўся ў сталіцы літоўска-беларускай дзяржавы Вільні, дзе заснаваў першую ва Усходняй Еўропе друкарню. Тут у 1522 г. выйшла яго «Малая падарожная кніжка», якая складаецца з Псалтыра, Часаслоўца, акафістаў і канонаў, Шасціднеўца і Саборніка. У 1525 г. з'явілася яго апошняе выданне – Апостал, які ўключае апостальскія дзеі і пасланні. Як і пражскі Псалтыр 1517 г., віленскія выданні Скарыны былі надрукаваны на царкоўнаславянскай мове беларускай рэдакцыі і таксама багата ўпрыгожаны. На гэтым абарвалася яго кнігавыдавецкая дзейнасць. Самыя розныя прычыны, матэрыяльныя і ідэалагічныя, перашкодзілі беларускаму асветніку ажыцдявіць задуманае – завяршыць выданне ўсёй Бібліі, надрукаваць іншыя кнігі. Патрэбны былі немалыя сродкі і падтрымка ўплывовых асоб. Аднак дзейснай дапамогі беларускі першадрукар не атрымаў ні ад багатых свецкіх мецэнатаў, ні ад вышэйшага духавенства, якое з недаверам ставілася да яго выданняў, бачыла ў яго дзейнасці падрыў сваёй манаполіі. Не спрыялі Скарыне і асабістыя абставіны. Каля 1526 г. ён ажаніўся з удавой Маргарытай, былой жонкай віленскага радцы Юрыя Адверніка, які памёр у 1525 г. З'явіліся дзеці, новыя клопаты. У 1529 г. Ф. Скарына вымушаны быў займацца судовымі справамі, звязамымі з прэтэнзіямі сваякоў Маргарыты на яе дом у Вільні, а таксама ўдзельнічаць у судовым падзеле тавараў, што засталіся ў Познані пасля смерці купца Івана Скарыны, яго роднага брата.

Нягледзячы на цяжкасці і складанае становішча, Скарыну не пакідала думка прадоўжыць кнігавыдавецкую дзейнасць. У канцы 1520-х – пачатку 1530-х гг. ён паспрабаваў зацікавіць сваімі выданнямі і кнігадрукарствам маскоўскае грамадства. Але гэтая спроба аказалася дачаснай. Беларускага асветніка ў Расіі не зразумелі і не падтрымалі, а яго кнігі загадам маскоўскага цара былі публічна спалены як ерэтычныя. У 1530 г. Скарына падаўся ў Каралевец (Кёнігсберг) да прускага герцага Альбрэхта. Уражаны і захоплены шырокай эрудыцыяй, рознабаковасцю інтарэсаў, незвычайнымі ведамі і талентам беларускага гуманіста, той прыняў яго да сябе на службу. Аднак неадкладныя маёмасныя справы і іншыя невядомыя нам прычыны прымусілі Скарыну, па сутнасці, патаемна ўцячы назад у Вільню. Выказвалася меркаванне, што ў сярэдзіне 1520-х гг. ён наведаў г. Вітэнберг і сустракаўся там з М. Лютарам, аднак яно слаба абгрунтавана. Больш верагодна, што ён сустракаўся з вядомым медыкам і прыродазнаўцам Парацэльсам і дыскутаваў з ім, калі той прыязджаў у Літву. У віленскі перыяд свайго жыцця Скарына быў знаёмы з іншымі знакамітымі людзьмі таго часу – з К. Астрожскім, А. Гаштольдам, Жыгімонтам I Старым. Служачы пэўны час асабістым сакратаром і лекарам віленскага біскупа Яна, ён быў у цесных сувязях з многімі высокаадукаванымі дзеячамі культуры і навукі, якія акружалі гэтага каталіцкага іерарха і складалі своеасаблівае гуманістычнае таварыства.

У 1532 г. Ф. Скарыну чакалі новыя непрыемнасці і прыгоды. Варшаўскія ліхвяры несправядліва абвінавацілі яго ў тым, што, атрымаўшы спадчыну свайго брата-нябожчыка Івана, ён не хоча аддаваць ім даўгі апошняга, і дамагліся ад караля Жыгімонта ўказа (ад 5 лютага) аб яго турэмным зняволенні. Гэты ўказ быў прыведзены ў выкананне ў сакавіку ці на пачатку красавіка 1532 г., і Скарыну пасадзілі ў турму ў г. Познані, куды ён прыехаў па справах віленскага біскупа Яна. Толькі дзякуючы заступніцтву апошняга і хадайніцтву пляменніка Рамана 24 мая 1532 г. кароль выдаў указ аб вызваленні Ф. Скарыны з турмы, адкуль ён, прасядзеўшы там каля трох месяцаў, быў выпушчаны на волю ў сярэдзіне чэрвеня. Каб абараніць сябе ад новых напасцяў, першадрукар дамогся спецыяльных прывілейных грамат (ад 21 і 25.10.1532), паводле якіх сам кароль браў яго пад сваю апеку і абарону. Аднак не вельмі дапамаглі і гэтыя прывілеі. У цэлым абставіны для Скарыны ў пачатку 1530-х гг. складваліся неспрыяльна. Ён часта пакідаў Вільню, пераязджаў з месца на месца не толькі з-за сваёй няўрымслівай натуры, але і каб пазбегнуць розных праследаванняў. Апрача ўсяго іншага, у 1530 г. у час вялікага пажару ў Вільні настолькі моцна пацярпела яго друкарня з абсталяваннем, што аднавіць кнігадрукарства тут сталася немагчыма. Дзесьці ў гэты ж час памерла яго жонка Маргарыта, і яе сваякі з новай сілай пачалі прэтэндаваць на дом нябожчыцы. Да сярэдзіны 1530-х гг. прыкметна аслабела становішча яго мецэната біскупа Яна, якога ў 1536 г. перавялі з Вільні ў Познань. Цяжкія абставіны вымусілі Скарыну пакінуць родную краіну і шукаць прытулку на чужыне. У 1535 г. ён вярнуўся ў Прагу, дзе ўладкаваўся вучоным-садоўнікам у каралеўскім батанічным садзе, які тады закладваўся. У садзе чэшскага караля Фердынанда I Ф. Скарына прапрацаваў да лета 1539 г. Дзе ён жыў і чым займаўся пасля гэтага, мы не ведаем. У Чэхіі (магчыма, у Паўднёвай) беларускі гуманіст знайшоў свой вечны спачын. На жаль, нам невядомы ні дакладны час яго смерці, ні месца пахавання. Найбольш верагодна, ён памёр у 1551 г., бо ў пачатку наступнага года чэшскі кароль выдаў Скарынаваму сыну Сімяону спецыяльную грамату (ад 29 студзеня) на права адшукваць па ўсёй краіне і наследаваць маёмасць свайго бацькі, ужо нябожчыка. У тым жа 1552 г. справа аб нейкай частцы маёмасці беларускага асветніка разглядала